Новы канцэртны сезон у Белдзяржфілармоніі адкрыецца сусветнай прэм’ерай беларускага твора

15.09.2023 Музыка

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі рыхтуюцца да новага сезону. Па добрай традыцыі яго адкрые Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр. 21 верасня калектыў сыграе вялікі канцэрт «Класіка для ўсіх». Першым у праграме — твор «100 секунд» кампазітара Галіны Гарэлавай.


«100 секунд» на вялікай сцэне прагучаць упершыню. Іншымі словамі — адбудзецца сусветная прэм’ера партытуры, якую Гарэлава прысвяціла дырыжору аркестра Аляксандру Анісімаву.

Anisimau-Gaso
Фота: philharmonic.by 

Што можна зрабіць за 100 секунд?

Думка напісаць партытуру  прыйшла да Галіны Гарэлавай у навагоднюю ноч. Вось як яна распавядала пра гэта ў адным са сваіх інтэрв’ю:

«У навагоднюю ноч немагчыма спаць, таму што ўвесь час за акном узрываюць петарды, пускаюць феерверкі. І вось я ляжала ў бяссонні, глядзела ў столь і на гадзіннік. Колькі ж будзе працягвацца гэты разавы кашмар — запуск, свіст, разрыў феерверка? І аказалася, што 1 хвіліну 40 секунд.

Я падумала: „Гэта 100 секунд. А колькі можна музычнай інфармацыі ўкласці ў гэтыя сто секунд?“

І калі ўжо ў цябе з’явілася нейкая ідэя, то ты на яе хварэеш і нічога не хочаш, акрамя аднаго — рэалізаваць яе».

Kampazitar-Halina-Harelava
Кампазітар Галіна Гарэлава

З акадэмічным сімфанічным Галіну Гарэлаву звязвае доўгае і плённае супрацоўніцтва. Калектыў не аднойчы быў першым выканаўцам яе самабытных яскравых палотнаў, і «100 секунд» — далёка не адзіны твор, прысвечаны маэстра і беларускаму калектыву. Да гэтага, напрыклад, у 2001 Гарэлава напісала для іх вялікі канцэрт Allegresse — гэта значыць весялосць, захапленне жыццём.

Сусветная прэм’ера «100 секунд» збярэ аншлаг — ужо вядома, што беларусы раскупілі на канцэрт усе квіткі. Акрамя партытуры Галіны Гарэлавай, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава выканае «Малюнкі з выставы» Мусаргскага-Равэля і Канцэрт сі мінор для віяланчэлі з аркестрам Дворжака.

Budzma.org

Чытайце яшчэ: «Усё вырашаецца ў першыя 15 хвілін». Віталь Алексяёнак распавёў, як стаў дырыжорам Нямецкай оперы на Рэйне